• Акцябрскі раённы выканаўчы камітэтАкцябрскі раённы выканаўчы камітэт
  • Раённы цэнтр вольнага часуРаённы цэнтр вольнага часу
  • Мемарыял Брацкія магілыМемарыял Брацкія магілы
  • Мясцовая славутасць - заапаркМясцовая славутасць - заапарк
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

Долю азімых павялічаць у структуры пасяўных плошчаў Гомельскай вобласці

11.07.2022

11 ліпеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Долю азімых культур павялічаць у структуры пасяўных плошчаў Гомельскай вобласці ў маючую адбыцца пасяўную кампанію. Планы агучыў сёння на апаратнай нарадзе ў Гомельскім аблвыканкаме старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзмітрый Петражыцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка, каб атрымаць дастойны ўраджай і выканаць усе пастаўленыя задачы на 2023 год, праз месяц неабходна пачаць закладку асноў будучага хлеба.

"Восенню трэба будзе пасеяць азімых крыжакветных культур на крыху больш як 90 тыс. га", - адзначыў ён. Заданне па сяўбе азімых крыжакветных культур на зерне - рапсу і свірэпіцы - на 172 працэнты вышэйшае ў параўнанні з пасеянымі восенню 2021 года плошчамі. "Пашырэнне плошчы крыжакветных культур дазволіць селькагаспадарчым арганізацыям на 70 працэнтаў ад патрэбы забяспечыць іх бялковай сыравінай", - аргументаваў Дзмітрый Петражыцкі.

У севазвароце ў існуючай структуры сельскагаспадарчых культур у рэгіёне пераважаюць злакавыя. "Гэта правакуе больш інтэнсіўнае развіццё шкоднікаў, хвароб і пустазелля. І адна з умоў зніжэння іх негатыўнага ўздзеяння - чаргаванне культур па палях і гадах, інакш кажучы, севазварот", - звярнуў увагу Дзмітрый Петражыцкі. Пашырэнне пасяўных плошчаў крыжакветных і іншых культур дазволіць восенню наступнага года размясціць каля 50 працэнтаў азімых збожжавых па спрыяльным папярэдніку.

Пад азімыя збожжавыя каласавыя ў бліжэйшую пасяўную кампанію ў рэгіёне маюць намер адвесці 280 тыс. га. Гэта 113,5 працэнта да ўзроўню пасеваў у 2021-м. "Усяго неабходна пасеяць збожжавых каласавых каля 400 тыс. га. І амаль 70 працэнтаў павінны быць азімыя культуры", - перакананы Дзмітрый Петражыцкі.

Ён нагадаў, што яравыя даюць меншую ўраджайнасць. Павелічэнне долі азімых збожжавых дазволіць знізіць негатыўны ўплыў летняй засухі на фарміраванне ўраджаю і максімальна выкарыстоўваць асеннюю і вясенню вільгаць.

Так, у 7,8 раза маюць намер павялічыць пасевы азімага ячменю. "Ён таксама выступіць выдатным папярэднікам для сяўбы азімага рапсу, бо ўбіраецца за 2-3 тыдні да ўборкі асноўных збожжавых культур", - дадаў старшыня камітэта.

Для выканання дзяржзаказу, атрымання збожжа для вытворчасці камбікорму ўпор робяць і на вырошчванне азімай пшаніцы і азімага трыцікале. "Пад азімую пшаніцу плануем крыху больш за 73 тыс. га, пад азімае трыцікале - 99 тыс. га, пад азімае жыта - 67,3 тыс. га", - назваў лічбы кіраўнік.

У рэгіёне пад асаблівай увагай - падрыхтоўка пасяўнога матэрыялу для названых плошчаў, з улікам сартазмены і сортаабнаўлення.

"Адначасова раёнам неабходна падумаць аб падрыхтоўцы глебы пад асеннюю сяўбу, якую трэба будзе весці сумесна з уборкай збожжавых. А што датычыцца азімых крыжакветных, абавязковы прыём - узворванне глебы, і гэта трэба пачынаць ужо сёння на плошчах, што вызваліліся з-пад азімага ячменю", - звярнуў увагу кіраўнік.

"Сяўбу крыжакветных неабходна завяршыць да 30 жніўня. Гэта аптымальны тэрмін для нашай вобласці. Далей адсяваем азімы ячмень і пачынаем сяўбу астатніх збожжавых культур. Усю работу мы павінны завяршыць да 10 кастрычніка", - абазначыў тэрміны Дзмітрый Петражыцкі.

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко звярнуў увагу: рапс - рэнтабельная культура, якая з'яўляецца і крыніцай бялку ў жывёлагадоўлі, і крыніцай атрымання фінансавых сродкаў для гаспадаркі. Таму ўвага да яе павінна быць асаблівая.

"Наконт насення (азімых культур. - Заўвага БЕЛТА) - у гэтым годзе падставім плячо сельгаспрадпрыемствам, таму што ідзём на пашырэнне плошчаў", - дадаў губернатар.

 

БЕЛТА - Навiны Беларусi